галоўная  >  прыдзвінскі край  >  браслаўскі раён  >  помнікі гісторыі і культуры  >

 

 ПОМНІКІ АРХЕАЛОГІІ  >

 

Адным са старажытнейшых помнікаў археалогіі Браслаўшчыны з’яўляецца гарадзішча Замкавая гара, якое размешчана ў цэнтры горада Браслава паміж азёрамі Дрывяты і Навяты.

Рэшткі маскавіцкага паселішча захаваліся ў шасці кіламетрах ад Браслава, на беразе возера Дзерба. У ходзе археалагічных раскопак устаноўлена, што ўмацаванне было ўзведзена ў ХІ ст., а загінула ў выніку разарэння і пажару ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст.

Яно выконвала ваенна–палітычную функцыю, ролю адміністрацыйнага, гандлёвага, культурнага і рэлігійнага цэнтра. Даследаваная археалагічнымі раскопкамі плошча на гарадзішчы складае каля трох тысяч м2. Таўшчыня культурнага слоя ад 0,2 да 0,6 м. Падчас раскопак выяўлены след цеснай забудовы як на пляцоўцы і схілах гарадзішча, так і каля яго падножжа. Атрыманы ў Маскавічах матэрыял сведчыць, што асновай гаспадаркі было земляробства і звязаная з ім жывёлагадоўля. У паселішчы развіваліся рамёствы – жалезаробчае, касцярэзнае, ганчарнае, ювелірнае. Важнымі галінамі хатняй вытворчасці былі апрацоўка дрэва, скуры, а таксама ткацтва.

Аб значнай ролі гандлю ў жыцці паселішча сведчаць знаходкі чатырох гірак–разнаважак і вялікай жалезнай гіры. Усё гэта гаворыць аб тым, што старажытныя Маскавічы з’яўляліся своеасаблівай гандлёвай факторыяй. Па знаходках прасочваюцца сувязі з Кіевам, Прыбалтыкай, Заходняй Еўропай, Скандынавіяй і Усходам.

Магчыма, каля сцен маскавіцкага замка пачынаў расці горад, якому не суджана было прадоўжыць сваю гісторыю. Набегі крыжакоў, або ваяўнічай Літвы, а можа і феадальныя міжусобіцы прывялі да гібелі паселішча і жыццё тут больш не ўзнаўлялася.

 

Адным са старажытнейшых помнікаў археалогіі Браслаўшчыны з’яўляецца гарадзішча Замкавая гара  Рэшткі маскавіцкага паселішча на беразе возера Дзерба  Косці з малюнкамі з гарадзішча Маскавічы

 

На паўночным захадзе Беларусі на мяжы з  Літвой размешчана возера Дрысвяты. Помнікі археалогіі звязаны з самым вялікім з 8 астравоў - востравам Замак.

Найбольш старажытным археалагічным помнікам на тэрыторыі Браслаўскага раёна з’яўляецца неалітычнае паселішча Дубкі, узрост якога 5 тысяч гадоў ад нашых дзён. Знаходзіцца паселішча на паўночна–ўсходнім беразе воз. Дрывяты. Размяшчаецца ўздоўж берага да 100 метраў у даўжыню. У раскопе знойдзены пакінутыя першабытным чалавекам прылады працы і адходы іх вытворчасці, рэшткі старажытных гліняных сасудаў. Прылады працы вырабляліся з якаснага мелавога крэменю шэрага колеру. Сярод іх два наканечнікі стрэл, шэсць скрабкоў з крутым дугападобным рабочым краем, якімі здымалі рэшткі мяса са скур здабытых жывёлін, праколкі, з дапамогай якіх шылі адзенне, абутак, мяшкі для пераносу ежы. Адзенне і абутак вырабляліся са скуры жывёл. Скуры ўжываліся таксама для перакрыцця і ўцяплення простага буданападобнага жытла. Шматлікія ўкладышныя прылады, у ліку якіх сячэнне пласцін, трапецыі, пласцінкі з затупленай рэтушшу краем ці скошанай асновай, канцом. Такімі вырабамі аснашчаліся прылады з косці і дрэва, якія прызначаліся для палявання і лову рыбы. Сасуды ў калекцыі прадстаўлены дробнымі фрагментамі. Ляпіліся яны рукамі. Паверхня сасудаў упрыгожвалася лініямі, ямкамі, якія наносіліся штампам ці завостранай палачкай.

Паселішча Дубкі пакінута насельніцтвам нарвенскай культуры, якое ў эпоху неаліта жыло ў паўночнай Беларусі і Прыбалтыцы.

Шмат на Браслаўшчыне старажытных курганоў, якія называюць капцы, валатоўкі, шведскія або французскія магілы. З пакалення ў пакаленне перадаюцца розныя паданні аб курганах. Так, курганы ў Рацкім бары, каля вёсак Опса і Жвірыні ў народзе лічацца магіламі з часоў войнаў са шведамі. На самой справе курганы ніякага дачынення да шведаў ці французаў не маюць. Гэта пахаванні нашых далёкіх продкаў. Яны з'явіліся ў 4–3 тысячагоддзях да н.э. і вядомы на ўсіх кантынентах зямлі, акрамя Аўстраліі. На Браслаўшчыне да нашага часу захаваліся курганы ў Рацкім Бары, Бяльмонтах, Жвірыні, Замошшы, Кузьмаўшчыне, Вусці, Уклі, Ражках, Шалтэнях. Усяго 367 курганоў. Першыя археалагічныя раскопкі курганоў на Браслаўшчыне былі праведзены мясцовым памешчыкам У. Плятэрам паблізу в. Вусце. У насыпах знойдзены касцякі, на якіх былі бронзавыя бранзалеты і шыйныя грыўны з падвескамі, шкляныя пазалочаныя пацеркі.

Асабліва цікавымі аказаліся раскопкі ў Уклі. Там усе пахаванні адбыліся ў ХІ ст. па абрадзе трупапалажэння на грунце. У жаночых пахаваннях знойдзены ажарэлкі са шкляных пацерак, бронзавыя вітыя шыйныя грыўні, падковаабразныя фібулы, шмат жалезных ножыкаў. У мужчынскіх пахаваннях знойдзены сякеры, наканечнікі коп’яў. І ў жаночых, і ў мужчынскіх пахаваннях каля ног нябожчыка стаяў гліняны гаршок. Трэба адзначыць, што сярод  курганоў не ўсе насыпы маюць пахаванні. Сустракаюцца і так  званыя пустыя курганы, або рытуальныя, якія насыпаліся ў гонар   памерлых на чужыне. Такія насыпы знойдзены амаль на ўсіх курганных могільніках Браслаўшчыны.

Усе вядомыя курганы Браслаўшчыны з’яўляюцца пахаваннямі сельскага насельніцтва.

Паміж курганамі па абрадзе трупаспалення і курганамі па абрадзе трупапалажэння прасочваецца генетычная сувязь. Гэта азначае, што крывіцкае насельніцтва было тут ужо ў канцы І тысячагоддзя.

За 1,5 км ад вёскі Пашавічы Мяжанскага сельсавета, на мысе возера Дрысвяты выяўлены і папярэдне даследаваны цікавы і вельмі рэдкі для тэрыторыі Беларусі археалагічны помнік – грунтовы могільнік перыяду ранняга сярэднявечча. Знойдзены матэрыял і абрад пахавання дазваляюць датаваць грунтавы могільнік каля в. Пашавічы ХІ–ХІІІ ст. Пры параўнанні пахаванняў з Пашавіч з другімі  на паўночным захадзе Беларусі, кідаецца ў вочы сціпласць і прастата першых, а таксама адносная большасць у іх звычайных бытавых рэчаў. Сярод знаходак пераважаюць рэчы, характэрныя для старажытных беларускіх гарадоў з яскравымі славянскімі рысамі. Падобнасць некаторых з іх да аналагічных з паселішча, якое знаходзіцца на востраве Замак, дазваляюць меркаваць, што грунтавы могільнік з’яўляецца месцам пахавання жыхароў гэтага населенага пункта. А паколькі археалагічныя даследванні даказалі, што на востраве Замак размяшчаўся ранні сярэдневяковы горад Полацкай зямлі, не зафіксаваны на старонках летапісаў і хронік таго часу, дык магчыма лічыць археалагічны помнік каля в. Пашавічы першым вядомым гарадскім могільнікам ХІ–ХІІІ ст. у Паўночнай Беларусі.

Кафля з ДруіСвоеасаблівымі каларыферамі, зберагаючымі цяпло ў пакоі, былі ў даўніну пячныя кафлі. Яны ж аздаблялі хатні інтэр’ер, дэманструючы такім чынам гармонію рацыянальнага і эстэтычнага пачаткаў. Падчас археалагічных раскопак фрагменты розных кафляў былі знойдзены амаль ва ўсіх старажытных гарадах Беларусі. Падчас раскопак у Друі была сабрана калекцыя архітэктурна–дэкаратыўнай керамікі, якая ўключае даволі раннія ўзоры кафляў. У Друі былі раскапаны рэшткі мясцовай майстэрні па вытворчасці кафлі. З’яўленне такой майстэрні звязана, верагодна, з падзеямі пачатку ХVІІ ст., калі Ян Станіслаў Сапега заснаваў новы горад Сапежын і надаў Друі–Сапежыну магдэбургскае права. Каб прывабіць рамеснікаў і гандляроў, ён абвясціў прывілеі для навасельцаў. Археалагічныя матэрыялы ХVІІ ст., якія ў вялізнай колькасці былі знойдзены па ўсёй прасторы сярэдневяковага горада, адлюстроўваюць уздым у эканоміцы Друі–Сапежына ў той час. Калекцыя кафлі ХVІІ ст. з Друі яскрава  сведчыць аб высокім узроўні майстэрства сярэдневяковых беларускіх рамеснікаў.

 

Літаратура

1. Ад часоў першабытных // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 28 – 53.

2. Егорейченко, А. Городище Ратюнки / А. Егорейченко // Браслаўскія чытанні : матэрыялы VI-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута (1853 1926) 7- 8 мая 2003 года / К. Шыдлоўскі і інш.]. – Браслаў, 2003. – С. 33 35.

3. Палулех, З. Гарадзішча раскрывае таямніцы гісторыі / З. Палулех // Браслаўская звязда. – 2005. – 16 ліп.

4. Плавинский, А. Раскопки могильника у деревни Ахремовцы / А. Плавинский // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935 годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 72 73.

5. Шыдлоўскі, К. З гісторыі археалагічных даследванняў Браслава / К. Шыдлоўскі // Браслаўскія сшыткі. – 1996. – №1. – С. 26 – 29.

 

Аршанскі раён   Бешанковіцкі раён   Браслаўскі раён   Верхнядзвінскі раён    Віцебскі раён  

ГАРАДОЦКІ раён ГЛЫБОЦКІ раён  Докшыцкі раён   Дубровенскі раён   Лепельскі раён   Лёзненскі раён  

Міёрскі раён   Пастаўскі раён   Полацкі раён   Расонскі раён   Сенненскі раён

Талачынскі раён   Ушацкі раён   ЧАШНІЦКІ раён   Шаркаўшчынскі раён   Шумілінскі раён

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ

ПІСЬМЕННІКI, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ   МАСТАКІ   ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА  


ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Главная | История  | Структура | Услуги | Выставки | Контакты | Подписка | ЦБС | Мультимедиа

Карта сайта | Ресурсы  | Издания | Каталог | Ссылки | Поиск по сайту | Книги в дар библиотеке | Новые поступления

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008

E-MAIL: Vrlib@lib.vitebsk.net